Як адзначаецца ў апублікаваным тэксьце ўказу, Украіна ўвяла санкцыі супраць рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод дакладнай электрамэханікі», які знаходзіцца ў Станькаве Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці.
Гэты завод, паводле расьсьледаваньня арганізацыі былых сілавікоў BelPolР, адзін з 16 беларускіх прадпрыемстваў, якія ў у той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град».
Згодна з рашэньнем, санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў. Сярод абмежаваньняў — блякаваньне актываў, забарона на ўдзел у дзяржаўных тэндэрах, прыватызацыі і гандлёвыя апэрацыі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што гэтым санкцыямі ва Ўкраіне пачалася «вялікая праца» па ўвядзеньні абмежаваньняў супраць фізычных і юрыдычных асобаў, якія вядуць дзейнасьць на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, апраўдваюць агрэсію і дапамагаюць Расеі ў яе ажыцьцяўленьні.
«Выяўляем усе схемы, які выкарыстоўваюць на карысьць акупанта, і, як вынік, — супраць Украіны, і блякуем іх. Працуем і для таго, каб цалкам сынхранізаваць украінскія санкцыі з рашэньнямі партнэраў», — заявіўУладзімір Зяленскі.
Завод дакладнай электрамэханікі займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю прадукцыі вайсковага прызначэньня і надае тэлекамунікацыйныя паслугі. Завод — галаўное прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасьці ракетнага ўзбраеньня, у тым ліку рэактыўнай сыстэмы залпавага агню В-200 «Палянэз» і ракетнага комплексу В-300РК «Палянэз-М», якія Расея прымяняе падчас вайны ва Ўкраіне.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць гэтага прадпрыемства ў лютым 2024 году ў 13-м пакеце. Да гэтых санкцый далучыліся шэраг краін-партнэраў Эўразьвязу.
Форум