Гэтымі зьвесткамі са спасылкай на дасьведчаную крыніцу ў папраўчай калёніі №24 (Зарэчча, Рэчыцкі раён) падзялілася з намі былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
«Сядзела на падлозе», «не павіталася», «скрала з фабрыкі іголку» – такія парушэньні фігуравалі ў справе палітзьняволенай Вікторыі Кульшы, якой 11 чэрвеня прысудзілі яшчэ год зьняволеньня. За амаль пяць гадоў няволі жанчыну чатыры раду судзілі паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу пра «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы».
Пасьля суду, які адбыўся ў Сьветлагорску, палітзьняволеную вярнулі ў Гомельскае СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Вікторыі Кульшы зноў дадалі яшчэ адзін год за кратаміПаводле Паліны Шарэнды-Панасюк, справа супраць Вікторыі Кульшы была «высмактаная з пальца».
«Ёй некалькі разоў прапаноўвалі зьняцца ў прапагандысцкіх відэа, казалі пакаяцца і паклёпнічаць на іншых палітычных (вязьняў. – РС), але яна адмаўляецца. Не ідзе на саступкі, хаця ведае, што новага тэрміну можа і ня вытрымаць», – мяркуе Паліна Шарэнда-Панасюк.
Былая палітзьняволеная спасылаецца на ўласны досьвед адседкі ў калёніі №24 у Зарэччы.
«За такія дробныя парушэньні, якія ёй запісалі ў справу, простых вязьняў там не заўсёды і ў ШЫЗА адпраўляюць. Але да палітзьняволеных падыход іншы, да іх чапляюцца, кожны крок пад кантролем, любая дробязь, як тая іголка, без якой жанчыне ў калёніі проста не пражыць, можа стаць злачынствам. Але прычына не ў непадпарадкаваньні розным бытавым правілам. Мяркую, Вікторыі ня могуць дараваць, што не пагаджаецца супрацоўнічаць», – лічыць Паліна Шарэнда-Панасюк.
Паводле зьвестак былой палітзьняволенай, 11 чэрвеня на судзе супраць Вікторыі Кульшы сьведчылі супрацоўнікі жаночай калёніі №24 Дзьмітры Саманчук, Дзяніс Ніканенка і Сяргей Капырын. «Спачатку афармлялі прыдуманыя рапарты, а потым паўтаралі іх у судзе. Там склаўся такі «пул» па выкананьні любых загадаў начальства», – кажа суразмоўца.
Абвінавачаньне супраць Кульшы падтрымала пракурор Тацяна Хрысьцюк, а судзіў палітзьняволеную судзьдзя Сьветлагорскага гарадзкога суду Аляксандар Валодзька, які і раней фігураваў у палітычных працэсах.
«Стан здароўя пагаршаецца»
Дасьведчаная крыніца, на якую спасылаецца Паліна Шарэнда-Панасюк, кажа, што ў Вікторыі Кульшы працягвае пагаршацца здароўе.
«Напярэдадні суду яна месяц трымала галадоўку, хаця ўжо адчувала сябе вельмі дрэнна. У яе праблемы з гінэкалёгіяй, дыягназавалі мастапатыю малочных залоз, кісту шчытавіцы. Да таго ж у халодных камэрах ШЫЗА і ПКТ яна застудзіла суставы ног, таксама пакутуе ад боляў у тазе, мусіць апранаць на сябе дадатковае адзеньне. Рэгулярна ёй колюць уколы, але невядома, ці хапае лекаў, бо ў СІЗА лекі без дазволу перадаць немагчыма. Яна просіць дапамогі, зьвяртаецца да міжнароднай супольнасьці, каб дапамаглі ёй вызваліцца», – распавяла былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
Вікторыі Кульшы 43 гады, яна зь Менску, працавала інжынэрам аховы працы. 4 лістапада 2020 году Кульшу затрымалі за тое, што яна адміністравала тэлеграм-чат «Кіроўцы 97% Менск». У лютым 2021 году Вікторыю асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») на 2,5 году калёніі і накіравалі ў гомельскую жаночую калёнію № 4. Пасьля першага суду паводле 411-га артыкулу ў 2022 годзе Вікторыю Кульшу перавялі ў калёнію № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ААН заклікалі неадкладна вызваліць палітзьняволеную Вікторыю Кульшу