«Наша мэта палягала ў зьнішчэньні іранскага патэнцыялу ўзбагачэньня ўрану і ў нэўтралізацыі ядзернай пагрозы, якую становіць сабой дзяржава — галоўны спонсар тэрарызму ў сьвеце. Сёньня я магу даць справаздачу перад сьветам аб тым, што ўдары былі абсалютна пасьпяховымі. Іранскія ключавыя абʼекты ўзбагачэньня ўрану цалкам зьнішчаныя».
Трамп заклікаў іранскія ўлады да мірных перамоваў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку наступныя ўдары могуць быць больш маштабнымі.
Паводле Reuters, удары нанесьлі амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі B-2, якія вылецелі з Злучаных Штатаў і праляцелі над Ціхім акіянам. Іранскія афіцыйныя асобы пацьвердзілі факт удараў па трох ядзерных абʼектах. Незалежнага пацьверджаньня маштабаў разбурэньняў, прычыненых ударамі, раніцай у нядзелю не было.
B-2 могуць несьці адмысловыя супрацьбункерныя бомбы, здольныя ўразіць умацаваныя падземныя абʼекты, у тым ліку іранскі ядзерны комплекс у Фардо — цэль, недаступную для ўдараў авіяцыі Ізраілю. Іранскія СМІ пішуць, што комплекс Фардо знаходзіцца на глыбіні 90 мэтраў пад зямлёй і ўстойлівы да нападаў амэрыканскай авіяцыі.
Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу вітаў рашэньне прэзыдэнта Трампа, які, паводле Нэтаньягу, «зрабіў дзеяньні, каб пазбавіць самы небясьпечны рэжым у сьвеце самай небясьпечнай зброі».
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што ён «сурʼёзна ўстрывожаны» эскаляцыяй канфлікту:
«Расьце рызыка таго, што гэты канфлікт можа хутка выйсьці з-пад кантролю, што будзе мець катастрафічныя наступствы для мірнага насельніцтва, рэгіёну і сьвету».
- Два дні таму Дональд Трамп паведаміў, што ён прыме цягам двух тыдняў рашэньне аб магчымым бамбаваньні іранскіх ядзерных абʼектаў. Ізраіль заклікаў Злучаныя Штаты да такога кроку, бо ня мае ў арсэнале магутных бомбаў, здольных зьнішчаць ядзерную вытворчасьць глыбока пад зямлёй, як, напрыклад, устаноўкі для ўзбагачэньня ўрану ў Фардо. Вядома, што частка дарадцаў прэзыдэнта ЗША была супраць гэтага кроку, асьцерагаючыся, што Іран можа адказаць ударамі па амэрыканскіх вайсковых базах у рэгіёне, і ЗША могуць быць уцягнутыя ў рэгіянальную вайну; частка дарадцаў і ўплывовых заканадаўцаў была за гэта, лічачы, што такім шляхам можна нэўтралізаваць іранскую ядзерную праграму.
- Кіраўнікі рэспубліканцаў у Кангрэсе падтрымалі рашэньне прэзыдэнта Трампа. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан і кіраўнік рэспубліканцаў у Сэнаце Джон Тун назвалі яго «неабходным крокам». Кіраўнік дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс абвінаваціў прэзыдэнта ў тым, што ён увёў краіну ў зман што да сваіх намераў і рызыкуе ўцягнуць ЗША ў патэнцыйна «катастрафічную вайну» на Блізкім Усходзе.
- Іран папярэдзіў Злучаныя Штаты, што амэрыканскаму ўдару па яго тэрыторыі будзе дадзены рашучы адказ.
Форум