Відэатрансьляцыю можна паглядзець тут:
На пачатку прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і ягонай адміністрацыі, тым прадстаўнікам ЗША, якія прыяжджалі ў Менск 21 чэрвеня, а таксама прадстаўнікам іншых краінаў, які дапамагаюць беларусам. Спачатку яна прамаўляла па-беларуску, а потым паўтарыла тое ж па-ангельску.
Ціханоўская падкрэсьліла, што варта дамагацца вызваленьня іншых палітвязьняў, у тым ліку Ігара Лосіка і ўсіх 38 журналістаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Яна падзякавала за дапамогу прэзыдэнту Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыву Капусу.
У канцы прэс-канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне журналісткі, Ціханоўская сказала, што будзе працягваць сваю дзейнасьць, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і пакуль у Беларусі не адбудуцца вольныя выбары.
Сяргей Ціханоўскі сказаў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае цяпер агромністы ўплыў і можа адным словам дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі. Ён заклікаў Трампа сказаць гэтае слова.
«Яны там называюць нас здраднікамі. А я назаву здраднікам кожнага, хто лукашызму не супраціўляецца», — сказаў Ціханоўскі. Ён закончыў сваю прамову словамі «Жыве Беларусь!»
Ціханоўскі сказаў, што калі б ня дзеяньні кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, у Беларусі яшчэ ў 2020 годзе адбыліся б зьмены. Адказваючы на пытаньне літоўскага журналіста, Ціханоўскі сказаў, што ніколі ня быў прарасейскім палітыкам, а заўсёды быў прабеларускім. «Наш агульны вораг — пуцінская ўлада. Пакуль яна ня рухне, ніякай перамогі ў Беларусі ня будзе». Ціханоўскі сказаў, што наведваў анэксаваны Расеяй Крым на адзін дзень, каб наведаць праваслаўны храм, у той час, калі яшчэ не цікавіўся палітыкай. «Крым — гэта тэрыторыя Ўкраіны», — сказаў ён і падкрэсьліў, што цалкам падтрымлівае Ўкраіну і лічыць прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага героем.
Сяргей Ціханоўскі сказаў, што не зьбіраецца ўмешвацца ў працу Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле яго, супрацоўнікі КДБ у зьняволеньні спрабавалі даваць яму дэзынфармацыю, а ён рабіў выгляд, што верыць. Ціханоўскі сказаў, што ягоная жонка зьяўляецца лідэрам апазыцыі, і ён не зьбіраецца прэтэндаваць на такую ролю, бо правёў 5 гадоў у ізаляцыі.
Адказваючы на пытаньне пра сустрэчу зь дзецьмі пасьля вызваленьня, Ціханоўскі расплакаўся. Сьвятлана Ціханоўская сказала, што дачка не пазнала бацьку пасьля турмы.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыў Капус у кароткай прамове паьля падзякаў прэзыдэнту ЗША і паліыткамі іншых краін сказаў, што надалей будзе дамагацца вызваленьня Ігара Лосіка ды іншых журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі за сваю працу.
Сяргей Ціханоўскі расказаў пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у 2020 годзе. Паводле яго, ён некалькі разоў пытаўся ў Лукашэнкі, навошта яму, Ціханоўскаму, падкінулі грошы падчас ператрусу. Лукашэнка нібыта двойчы адмаўляў, што такое было, але потым сказаў: «А што ты думаў? Палітыка — брудная справа».
Ціханоўскі расказаў, што адмовіўся паціснуць Лукашэнку руку, спаслаўшыся на тагачасную эпідэмію каранавірусу. Лукашэнка на гэта нібыта сказаў: «Дык я ж ужо перахварэў».
Ціханоўскі таксама расказаў пра сёлетнюю сустрэчу за кратамі з Раманам Пратасевічам, які прыехаў да яго. Перад гэтым Ціханоўскага завялі ў лазьню, пасьля чаго забралі ў яго турэмную робу з жоўтай біркай, якой пры рэжыме Лукашэнкі пазначаюць «экстрэмістаў». Пратасевіч заклікаў падпісаць дакумэнты на памілаваньне, затым прасіў сумесны здымак. Ціханоўскі адмовіўся гэта рабіць.
Паводле Ціханоўскага, Пратасевіч езьдзіў з падобнымі прапановамі і да Марыі Калесьнікавай, але тая накінулася на яго і пабіла. Сам жа Ціханоўскі назваў Пратасевіча «палітычнай шпаной», цытуючы Салжаніцына. Пры гэтым ён заклікаў не цкаваць Пратасевіча, адзначыўшы, што ўлады запалохалі Рамана.
Выкладчыца Натальля Дуліна расказала пра тое, як яе кідалі ў штрафны ізалятар. У сьнежні ў яе забралі легінсы, і яна была вымушаная быць у камэры ў адной футболцы без рукавоў і без шкарпэтак.
«Парушаюцца базавыя патрэбы чалавека. Холад, парушэньне сну. Кармілі там добра, тут няма чаго сказаць. Фізычны дыскамфорт, вядома, уплывае на маральны стан. Былі камэры болей цёплыя, былі меней цёплыя. Мы ж дзелімся паміж сабою інфармацыяй. Калі я назвала свой нумар камэры, мне сказалі, што гэта меней цёплая».
Ігар Карней дадаў, што фізычнага гвалту не было, але псыхалягічны ціск адчуваўся. Месяц-паўгода ў адзіночнай камэры вельмі моцна могуць паўплываць на чалавека. Таксама ўплывае забарона атаварвацца, розныя іншыя абмежаваньні.
21 чэрвеня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.
Форум